сістэма буйных разломаў (скідаў) і грабенаў (рыфтаў), развітых на фоне навейшых падняццяў ва Усх. Афрыцы. Цягнецца ад паўн. ускраіны Чырвонага м. да нізоўяў р. Замбезі. Уключае таксама грабены Чырвонага м. з адгалінаваннямі (залівы Суэцкі і Акаба) і Адэнскага зал. Працягваецца на Пн праз Мёртвае м. да падножжаў гор Таўр. На тэр. Афрыкі складаецца з 2 галін (Зах. і Усх. рыфты), выражаных у рэльефе глыбокімі і шырокімі (40—50 км) далінамі з абрывістымі схіламі і дэпрэсіямі, дно якіх занята азёрамі (Танганьіка, Малаві і інш.). Да разломаў прымеркаваны вулканы выш. больш за 5 тыс.м (Кенія, Кіліманджара, Элган і інш.). Павышаная сейсмічнасць сведчыць пра сучасныя зрушэнні па разломах. Фарміраванне сістэмы ідзе з алігацэну, адбываецца ва ўмовах расцяжэння і рассоўвання кантынентальнай кары з аддаленнем Аравійскага і Самалійскага блокаў ад уласна Афрыканскага.